Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па сінім
Галоўная / Раён / Гісторыя

Гісторыя

На самым поўдні Беларусі, на граніцы з Украінай, размешчаны Ельскі раён. У VII-IX стагоддзях тэрыторыю раёна засялялі плямёны дрыгавічоў. Так ужо склалася гістарычна, што Палессе ў розны час уваходзіла ў склад розных дзяржаў. У X стагоддзі тэрыторыя раёна ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі, з сярэдзіны XIV стагоддзя раён уваходзіў у склад Мазырскага павета Вялікага княства Літоўскага.

Ельск вядомы з пачатку XVI стагоддзя як адно з уладанняў старажытнага французскага роду Спада, якія былі вымушаныя эміграваць з Францыі ў сувязі з рэлігійнымі ганеннямі.

Пасля Люблінскай уніі (1569г.) – у складзе Рэчы Паспалітай, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793г.) Ельск – мястэчка Міхалкоўскай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі.
У Ельска былі і іншыя назвы. Некаторы час ён быў вядомы як Каралін. Па легендзе, гэта назва звязана з Аскеркамі, якія валодалі гэтым маёнткам у канцы 18 стагоддзі. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Аскеркі не прысягнулі Расійскай імперыі. Зямлі ў гэтых уладальнікаў былі адабраны і перададзены іншым, верным Расійскай імперыі. Да 1869 года маёнтак Каралін належаў памешчыкам Горватам, а затым быў прададзены адэсскаму купцу І.А. Анзэльму. У пачатку першай сусветнай вайны жыхары Каралінскай воласці запатрабавалі, каб мястэчку была вернута назва Ельск. 13 сакавіка 1915 г. Каралін афіцыйна перайменаваны ў Мікалаеў (у гонар імператара Мікалая II). 26 верасня 1917 года мястэчку была вернута спрадвечная назва Ельск, у сувязі з тым, што назва Мікалаеў таксама як і Каралін не прыжылася сярод насельніцтва гэтага Палескага кутка.

З будаўніцтвам у 1873 годзе чыгункі Жлобін-Оўруч, Ельск стаў чыгуначнай станцыяй.

У 1886 годзе ў Ельску было 44 двары, бровар, 3 крамы, школа, паштовая станцыя на шляху Мазыр-Оўруч, царква. Згодна з перапісам 1897 года ў горадзе налічвалася 600 жыхароў.

Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Мазырскай акругі спачатку як Каралінская, якая была перайменавана ў Ельскую.

На падставе Пастановы ЦВК і СНК БССР ад 15 ліпеня 1935 года Ельск зацверджаны мястэчкам, а з 27 верасня 1938 года Ельск адносіцца да ліку гарадскіх пасёлкаў Палескай вобласці. У 1938 годзе ў Ельску налічвалася 3878 жыхароў.

У перадваенныя гады раён хутка рос і развіваўся. Палепшыўся матэрыяльны і культурны ўзровень насельніцтва, дабрабыт вёсак.

Аднак усе планы і задумы былі спынены вераломным нападам фашысцкай Германіі.

З 23 жніўня 1941 года Ельскі раён быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Падчас акупацыі было знішчана больш за 5000 чалавек, сагнана на прымусовыя работы ў Германію 1570 чалавек. Разам з жыхарамі знішчаны вёскі Забалацце, Капанка, Круглае (ушанаваны ў мемарыяльным комплексе «Хатынь»).

На тэрыторыі раёна дзейнічалі Ельскія падпольныя райкамы КП(б), ЛКСМБ, партызанскія брыгады: Ельская 37-я і Мазырская ім. А.Неўскага. у 1943 годзе ў Ельску дыслакаваўся 101-ы славацкі полк, афіцэр якога Ян Налепка з групай салдат антыфашыстаў 15 мая 1943 года перайшоў да партызанаў злучэння А.М. Сабурава.

11 студзеня 1944 года тэрыторыя раёна была вызвалена часткамі 61-й Арміі Беларускага фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі 37-й Ельскай брыгады падчас Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі. Вайна яшчэ працягвалася, а ў раёне ўжо пачала наладжвацца мірнае жыццё. Адраджаліся калгасы, саўгасы, пачалі адбудоўвацца спаленыя вёскі.

Са студзеня 1954 года Ельскі раён увайшоў у склад Гомельскай вобласці.

З 5 ліпеня 1971 года Ельску нададзены статус горад.

У адпаведнасці з рашэннем Ельскага раённага выканаўчага камітэта ад 22.11.2000 г. №472 «Аб гербе і сцягу г. Ельска» і рашэннем Ельскага раённага Савета дэпутатаў ад 27.12.2000 г. №29 горад Ельск і Ельскі раён маюць:

  • герб: у чырвоным полі «іспанскага» шчыта два перакрыжаваныя срэбраныя мячы, дзяржальнямі ўніз;
  • сцяг: чырвоная полка з суадносінамі шырыні і даўжыні, як 1:2, пасярэдзіне асабовага боку якога белая выява двух перакрыжаваных мячоў, дзяржальнямі ўніз.